Цiкавае для дашкалёнка
Дзяцінства немагчыма ўявіць без казкі, таму што слухаць казкі, якія табе расказваюць тата і мама, бабуля ці дзядуля, ці добрая выхавацелька, калі бацькоў няма побач — гэта адно з правоў дзіцяці, запісаных у Канвенцыі аб правах дзіцяці. У ёй сказана, што дзіця мае права на зносіны і на ўвагу, на паўнавартаснае развіццё, на выражэнне сябе, на адпаведную свайму ўзросту і зразумелую ў гэтым узросце інфармацыю, а таксама на вывучэнне культуры свайго народу. Усё гэта ёсць у казках.
Казкі вучаць і перасцерагаюць, казкі звязваюць нашых пра-прадзедаў ды пра-прабабуляў з намі. Казкі – гэта ўтульны вечар, калі клопаты вялікага свету засталіся за сценамі Вашага дому, а Вы і Ваш час належаць толькі Вашым дзецям.
Казкі – гэта цэлы чароўны свет, у якім Вы падарожнічаеце разам, трымаючыся за рукі. Свет, у якім Вашае дзіця можа стаць веліканам і навучыць Вас, дарослага чалавека чаму-небудзь новаму.
Часцей за ўсе бывае так, дзіця ідзе ў першы клас, а не толькі не ведае беларускай мовы, але, нават, ніколі і не чула яе меладычнасці і чысціні. Бацькі з жахам садзяцца з сынам, або з дачкой рабіць дамашнюю работу па беларускай мове і адчуваюць, што ахапіць неахопнае адразу не атрымліваецца. Згублены нейкі перыяд часу, калі можна было далучыць дзіця да роднай мовы яшчэ з маленства. Што рабіць? Плаціць грошы рэпетытарам, альбо ёсць іншы вырыянт рашэння праблемы? Прапануем маладым бацькам некалькі парад паступовага знаёмства дзяцей дашкольнага ўзросту з роднай мовай.
Па-першае, калі ваша дзіця наведвае дашкольную ўстанову, то павінны ведаць, што існуюць заняткі на беларускай мове, дзеці гуляюць у беларускія народныя гульні, чытаюць вершы і казкі. Акрамя таго, праводзяцца фальклорныя святы, на якіх дашкольнікаў знаёмяць з культурай беларускага народу, яго мовай, традыцыямі, абрадамі, рамёсламі.
На гэтыя святы заўсёды запрашаюцца бацькі. Вось вам і першая ступень адукацыі маленькіх беларусаў.
А далей бацькам трэба развіваць дзіця самастойна ў сям’і. З чаго пачынаць? Пачніце з калыханак, чытання кніжак-малюнак, казак
Затым звярніцеся да збораў у садок у гульнёвай форме. “А давай апранацца па-беларуску!” – прапануйце малышу. І называйце яго адзенне: шкарпэткі, насоўка, кішэнька, каўнерык, гузікі, боцікі і г.д. Праз некалькі дзён ваша дзіця без памылак будзе знаходзіць адпаведную рэч, а потым і само назаве яе па-беларуску.
На кухне хай маці пазаве дачушку гатаваць ежу па-беларуску. Назвы садавіны, гародніны, электрапрыбораў дзеці запомняць хутка і з задавальненнем будуць ужываць іх у размове з іншымі людзьмі. Тым часам тата, займаючыся рамонтам кватэры, разам з сынам разбіраюцца, якія патрэбны цвікі, гаечныя ключы, дошкі, шпалеры і іншае.
Ідучы па вуліцы з маленькім грамадзянінам Беларусі, раскажыце яму аб памятніках архітэктуры вашага гораду, назавіце па-беларуску назвы крамаў, транспарту, дрэвы ў парку, хатніх і дзікіх жывёл. Не трэба навязваць малышу размову, калі ён змарыўся, хоча адпачыць або пагуляць.
Рухайцеся паступова, але ўпарта і тады, калі ваша дзіця пойдзе ў школу, вы ўбычыце, што нездарма бавілі з ім час, далучаючы яго да роднай мовы.
Лічыце, гэта займае шмат часу, ці патрабуе дадатковых ведаў? Не? Тады, не адкладаючы, бярэмся за работу.